Старшыня Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Уладзімір Кухараў праінфармаваў кіраўніка дзяржавы, што ў горадзе ствараюцца ўмовы, каб яго жыхары маглі займацца фізкультурай і спортам. У прыватнасці, добраўпарадкоўваюцца паркі і зялёныя зоны, дзе можна з карысцю для здароўя адпачываць і бавіць час. За апошнія два гады завершана будаўніцтва трох паркаў: парку Уга Чавеса ў Каменнай горцы, парку імя М.Я.Паўлава ў Маскоўскім раёне (каля студэнцкай вёскі) і яблыневага сквера каля Першага нацыянальнага гандлёвага дома.
Акрамя таго, да нядаўняга часу ў Мінску заставалася даволі шмат лакальных зялёных зон, якія не былі добраўпарадкаваны. Адміністрацыі раёнаў сталіцы ўзяліся за вырашэнне гэтага пытання і штогод прыводзілі ў парадак па некалькі такіх пляцовак. У выніку за тры гады ўжо зроблены 64 зоны адпачынку ў Мінску, якія карыстаюцца вялікай папулярнасцю ў жыхароў і гасцей сталіцы. "Вельмі дастойна", - ацаніў кіраўнік дзяржавы.
Размова таксама ішла аб далейшым развіцці ў горадзе сеткі веладарожак. Цяпер, паводле слоў мэра, у Мінску 293 км веладарожак. За наступную пяцігодку плануецца яе павялічыць яшчэ на 85 км. Такім чынам, агульная сетка перасягне 380 км, што дасць магчымасць з любога мікрараёна на веласіпедзе дабрацца да любой кропкі ў горадзе. "Гэта важна. Мы мотавелазавод захавалі, развіваем. Вось веласіпеды - перамяшчайцеся", - заўважыў Прэзідэнт.
У будучым у Мінску плануецца прадаўжаць добраўпарадкаванне дваровых спартыўных пляцовак. Цяпер іх налічваецца 344, з якіх за апошнія тры гады былі поўнасцю прыведзены ў парадак 255. У 2025 годзе гэту работу плануецца завяршыць.
Акрамя таго, за два папярэднія гады ў кожным раёне Мінска арганізаваны лыжныя трасы са штучным снегам. "У мінулым годзе ўжо ўсе дзевяць пляцовак былі забяспечаны снегам, і людзі займаліся", - растлумачыў Уладзімір Кухараў, дадаўшы, што акрамя гэтага ў сталіцы працуюць яшчэ чатыры лыжаролерныя трасы.
Паводле слоў старшыні Мінгарвыканкама, для жыхароў сталіцы адкрыты таксама ўсе школьныя стадыёны горада (яны ёсць у кожнай з 245 мінскіх школ), іх можна наведваць да позняга вечара. "Дзеці павінны бацькоў весці туды", - арыентаваў кіраўнік дзяржавы.
Дадатковыя магчымасці для заняткаў рознымі відамі спорту ёсць і на гарадскіх аб'ектах. Напрыклад, у падтрыбунных памяшканнях стадыёна "Дынама" абсталяваны цір і скаладром. На вул. Жудро ўведзены ў строй тэнісныя корты. "Быў крыху даўгабуд. Але ўсё там прывялі ў парадак, восем кортаў: чатыры са штучным (пакрыццём. - Заўвага БЕЛТА) і чатыры з земляным", - далажыў старшыня Мінгарвыканкама. У сувязі з гэтым Прэзідэнт звярнуў увагу, каб наведванне гэтага аб'екта пры захаванні яго даступнасці не было бязвыплатным. Паколькі ў Беларусі затрачваюцца значныя бюджэтныя сродкі на падрыхтоўку спартсменаў, у тым ліку тэнісістаў, на стварэнне спартыўнай інфраструктуры, забеспячэнне выкладчыцка-трэнерскага складу і гэтак далей. "Мільянерамі становяцца тэнісісты за бясплатна. А ніхто не дапамагае практычна... Таму хочаш гуляць - плаці. Або дагавор (заключай. - Заўвага БЕЛТА). Стаў багатым - унось уклад", - паставіў задачу Аляксандр Лукашэнка.
Як было даложана, у Мінску добраўпарадкаваны дзевяць міжшкольных стадыёнаў (у кожным раёне горада), дзе ёсць футбольнае поле са штучным пакрыццём, лёгкаатлетычныя дарожкі і спартыўныя трэнажоры. "Футбалісты ўсё крыўдзіліся: вось хакейныя пляцоўкі і іншае, - заўважыў Аляксандр Лукашэнка, падкрэсліўшы, што ў кожным раёне Мінска створаны магчымасці для заняткаў футболам. - Ідзі - гуляй. Я як футбаліст гавару: калі б такія ўмовы былі (раней. - Заўвага БЕЛТА)…"
У наступным годзе плануецца ўвесці ў строй два фізкультурна-аздараўленчыя комплексы - у Каменнай горцы і Лошыцы. Таксама завяршаецца рэканструкцыя спарткомплексу "Дынама" на вул. Даўмана, увесці яго ў эксплуатацыю плануецца ў 2025 годзе.
Акрамя таго, прынята рашэнне зрабіць у лясным масіве "Мядзвежына" лыжаролерную трасу працягласцю 2,5 км і з цірам для біятланістаў. Яе стварэнне, паводле слоў Уладзіміра Кухарава, абмяркоўвалася разам з Дар'яй Домрачавай.