21.12.2023

Звыш 2,1 тыс. км ліній электраперадачы пабудавана і мадэрнізавана ў Беларусі з пачатку года

Звыш 2,1 тыс. км ліній электраперадачы пабудавана і мадэрнізавана ў Беларусі за студзень-лістапад 2023 года. Аб гэтым паведаміў журналістам міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч у прэс-цэнтры БЕЛТА.

З мэтай стварэння дадатковых умоў для выкарыстання электраэнергіі для патрэб ацяплення і гарачага водазабеспячэння работы па мадэрнізацыі электрасеткавай інфраструктуры праводзяцца ва ўсіх рэгіёнах краіны. Акрамя электрасетак гэта падстанцыі розных класаў напружання, расказаў міністр.

За мінулы перыяд года іх рэканструявана больш за 20. Сярод іх падстанцыі "Паўночна-Заходняя", "Атлант", "Жабінка", "Камвольны камбінат", "Дубрава", "Аэрадромная-2", "Чаркасы". Большасць з гэтых праектаў рэалізаваны з прымяненнем найноўшых тэхналогій аўтаматызацыі і лічбавізацыі, што істотна павышае надзейнасць энергазабеспячэння спажыўцоў.

Нараўне з электрыфікацыяй жылфонду праводзіцца і яго газіфікацыя. Работы па рэканструкцыі электрасетак у бягучай пяцігодцы запланаваны ў 1,5 тыс. населеных пунктаў. Праекты па газіфікацыі будуць разгорнуты яшчэ ў 300, растлумачыў Віктар Каранкевіч. "Такім чынам, будзе ахоплена найбольшая колькасць населеных пунктаў для стварэння больш камфортных умоў пражывання ў іх - гэта важнейшая задача, якая пастаўлена перад намі кіраўніком дзяржавы", - сказаў ён.

За 11 месяцаў 2023 года ў краіне ўведзена ў эксплуатацыю каля 818 км газаправодаў розных катэгорый, газіфікавана прыродным газам больш як 13,2 тыс. кватэр і домаўладанняў. Па ўзроўні газазабеспячэння Беларусь займае лідзіруючыя пазіцыі сярод краін СНД. Агульная працягласць газавых сетак у краіне складае амаль 68 тыс. км.

БелТА

Інфармацыйныя рэсурсы

up