Згодна з зацверджаным Мазырскім райвыканкамам планам, супрацоўнікі Асвода, ГРАНС разам з прадстаўнікамі зацікаўленых арганізацый у прафілактычных мэтах праводзяць рэгулярныя рэйдавыя мерапрыемствы па месцах масавага адпачынку жыхароў на водных аб’ектах. – Адна з галоўных мэтаў падобных мерапрыемстваў – давядзенне да нашых грамадзян правілаў паводзін на вадзе, бяспечнага адпачынку, – патлумачыў Віталь Ермакавец, старшыня Мазырскай раённай арганізацыі Асвод. – Асаблівую ўвагу мы надаем знаходжанню на вадаёмах дзяцей да 16-ці гадоў без суправаджэння бацькоў, а таксама дарослых грамадзян, якія распіваюць спіртныя напоі на беразе або ў стане алкагольнага ап’янення.
І гэтая інфармацыя не дадае пазітыўных эмоцый, не можа не трывожыць.
На гэты раз мы разам з Віталем Мікалаевічам, а таксама з інжынерам аддзела адукацыі райвыканкама Кацярынай Савіцкай, інспектарам сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Мазырскага ГРАНС Ксеніяй Чыгінай, сакратаром пярвічнай арганізацыі Мазырскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя будаўнікоў ГА БРСМ Ігарам Кашпоравым, навучэнцам ліцэя будаўнікоў, членам маладзёжнага атрада аховы правапарадку Аляксандрам Брылевічам наведалі размешчаныя на тэрыторыі нашага раёна вадаёмы, не прызначаныя для купання. Першы такі аб’ект – кар’ер у раёне вул. Заслонава. Дзень выдаўся не вельмі пагодлівым, таму турыстаў тут няшмат. Але першае, што кідаецца ў вочы, – смецце, пустыя бутэлькі ад піва, недакуркі. Чаму ўсё гэта валяецца ў прыбярэжнай паласе? Няўжо нельга ўзяць пакет, скласці туды і пасля панесці з сабой? Не гаворачы пра тое, што распіваць спіртное падчас адпачынку на вадаёме забаронена.
Усім адпачываючым на беразе былі ўручаны памяткі аб правілах бяспечнага адпачынку на вадаёмах, даведзена іншая карысная інфармацыя. Далей мы накіраваліся ў вёску Каменку. Спыніўшыся на пад’ездзе да кар’еру, мы пайшлі пешшу. І тут, у лясной паласе, зноў выявілі непрывабную, да болю знаёмую карціну: смецце, пачкі ад чыпсаў, цэлафанавыя пакеты, пустыя пластыкавыя бутэлькі. Ці будзе выратаванне ад чалавечага бескультур’я? На ўзбярэжжы кар’ера таксама было нешматлюдна. З усімі адпачываючымі былі праведзены прафілактычныя гутаркі, у тым ліку і з двума мамамі. Іх дзеці сядзелі непадалёк, занятыя мабільнымі тэлефонамі.
Віталь Мікалаевіч папярэдзіў, што купацца ў вадаёме нельга, у тым ліку і таму, што ў цяперашні час тут вядзецца тэхналагічны працэс вытворчасці па здабычы пяску. Пасля гэтага і дарослым, і дзецям раздалі памяткі, якія яны адразу ж пачалі вывучаць. Прыемна, што абедзве мамы – прыклад для сваіх дзяцей і іншых адпачываючых. Па іх словах, спіртнога яны не ўжываюць, тым больш на пляжы, а з сабой для наталення смагі заўсёды бяруць квас і мінеральную ваду. Вось бы і некаторым нашым грамадзянам, якія без бутэлькі піва свой вольны час не ўяўляюць, павучыцца ў іх! Каб не дапускаць няшчасных выпадкаў і трагедый на вадзе, жыхары нашага раёна павінны строга прытрымлівацца выпрацаваных правілаў і прадпісанняў: адмовіцца ад ужывання спіртных напояў падчас адпачынку на вадаёмах, купацца і ныраць толькі ў спецыяльна адведзеных для гэтага месцах, уважліва сачыць за лакацыяй сваіх дзяцей.
(Жыццё Палесся)