Дыпломы і каштоўныя падарункі ад партнёраў праекта пераможцам уручылі міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў і першы сакратар ЦК БРСМ Аляксандр Лук’янаў. Пераможцы былі вызначаны ў розных намінацыях: “Лепшыя аўтарскія матэрыялы”, “Лепшая карыкатура па найбольш вострай сацыяльнай тэматыцы”, “Лепшы фотарэпартаж”, “Лепшы відэасюжэт аб памятных месцах Беларусі, вядомых людзях, знамянальнай падзеі”, “Лепшы відэаблог”, “Лепшая аператарская праца” і “Лепшы праект у новых медыя”.
Прыемна, што ў намінацыі “Лепшы відэаблог” у 2-й узроставай групе пераможцам стаў мазыранін – студэнт дзяржаўнай установы адукацыі “Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту” Дзяніс Вакулік. У свае 22 гады, заваяваўшы прызнанне аўдыторыі, хлопец здолеў “раскруціць” старонку ў TikTok да 550 тысяч падпісчыкаў.
Пасля цырымоніі ўзнагароджання Дзяніс падзяліўся яркімі ўражаннямі, адзначыўшы значную падтрымку сям’і, сяброў і, вядома ж, раённай газеты “Жыццё Палесся”:
– Эмоцыі проста зашкальваюць, уражанні суперскія ад усяго: ад знаходжання ў такім знакавым месцы ў Віцебску, пра якое дзякуючы фестывалю ведаюць ва ўсім свеце, і ад узнагароды, на якую, шчыра прызнацца, не разлічваў. Зносіны ў сваім маладзёжным асяроддзі таксама дастаўляюць задавальненне. Мяркую, што ў мяне будзе над чым папрацаваць у будучыні. Нагадаем, што новы праект для маладых журналістаў, мэта якога – выяўленне таленавітай моладзі ў галіне журналістыкі і садзейнічанне фарміраванню крытычна думаючай, медыяпісьменнай асобы, стартаваў на VIII Форуме маладых журналістаў “Традыцыйныя і новыя медыя: выклікі і магчымасці”. Яго арганізатарамі выступілі Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь і Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі пры падтрымцы АНТ, СТВ, Выдавецкага дома “Беларусь сёння”, Бабруйскай узбуйненай друкарні імя А.Т. Непагодзіна і іншых прадпрыемстваў.
(Жыццё Палесся)