07.07.2022

Абрадам «Зажынкі» на Мазыршчыне дадзены старт масавай уборцы збожжавых

У работнікаў КСУП “Козенкі-Агра” асаблівы дзень: хлебаробы сталі сведкамі абрадавага свята, якое паклала пачатак жніва. Радасць моманту з аграрыямі падзялілі кіраўнік раёна Алена Паўлечка, намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Васіль Клімовіч, кіраўнікі і галоўныя спецыялісты сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Мазырскага і Нараўлянскага раёнаў.

– Наступіла самая адказная пара для нашых хлебаробаў – уборка ўраджаю. Галоўная задача, якая стаіць цяпер перад намі, – якасна і без страт убраць збожжавыя, і ад таго, наколькі арганізавана мы гэта зробім, будзе залежаць агульны каравай Мазыршчыны, удзельная вага якога ў вобласці заўсёды значная. Нашы аграрыі ўносяць вялікі ўклад у забеспячэнне харчовай бяспекі дзяржавы! Віншую ўсіх з пачаткам жніва і жадаю моцнага здароўя і багатага ўраджаю, – павітала прысутных Алена Фёдараўна.

Спрадвеку нашы продкі ў гэты дзень ладзілі прыгожае свята, каб ураджай быў багатым, а яго ўборка прайшла лёгка. Перад пачаткам жніва кожная гаспадыня або гаспадар аглядалі свае нівы: паспеў ці колас, пара жаць. Выходзячы на ніву, нажыналі невялікі сноп і называлі яго “гаспадар”. Ён лічыўся імянінным. Гэты сноп упрыгожвалі стужкамі, кветкамі, неслі ў хату з песнямі і ставілі ў чырвоным куце пад абразамі. З яго ж пачыналі восенню малацьбу. З захаваннем традыцый і асаблівым трапятаннем прайшлі “Зажынкі” і на Мазыршчыне. Снапы з першых сціснутых каласоў, перавязаныя па традыцыі стужачкай, жнейкі – удзельніцы вакальнага ансамбля “Івушка” Козенскага дома культуры – уручылі старшыні Мазырскага райвыканкама Алене Паўлечка, начальніку ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Васілю Клімовічу і дырэктару КСУП “Казенкі-Агра”  Сяргею Сінькевічу.

(Жыццё Палесся)

Інфармацыйныя рэсурсы

up