12.07.2023

Памочнік Прэзідэнта – інспектар па Гомельскай вобласці Сяргей Барташ наведаў Чачэрскі раён

Сяргей Іванавіч правёў інфармацыйную сустрэчу з жыхарамі аграга-родка Батвінава. Размова прайшла ў жывым ключы: абмеркавалі дэмаграфічную бяспеку нашай краіны, у тым ліку і ў раёне, і ў вёсцы. 

 – Узровень нараджальнасці і смяротнасці, падтрымка сям'і і мацярынства, паляпшэнне паказчыкаў здароўя насельніцтва – з гэтых асноўных палажэнняў складваецца дэмаграфія. Для дасягнення станоўчых паказчыкаў дзяржава прадпрымае шэраг мер. Гэта у першую чаргу рэалізацыя дзярж-праграм, якія ўключаюць сістэму падрыхтоўкі моладзі да сямейнага жыцця, забеспячэнне якасці і даступнасці медыцынскай дапамогі жанчынам і дзецям, падтрыманне сем'яў з дзецьмі і паляпшэнне ўмоў іх жыцця праз прадастаўленне розных ільгот, выплаты сямейнага капіталу, – адзначыў памочнік Прэзідэнта. 

На дэмаграфічную сітуацыю негатыўна ўплывае гібель людзей ад знешніх прычын. Сяргей Барташ падкрэсліў неабходнасць узмацнення прафілактычнай работы супраць траўматызму на вытворчасці і ў быту. 

Памочнік Прэзідэнта таксама адказаў на пытанні з залы, потым правёў прыём грамадзян у Чачэрску. Са сваімі праблемамі да яго звярнуліся тры чалавекі. 

З асабістай просьбай дапамагчы паспрыяць у правядзенні незалежнай медыцынскай экспертызы прыйшоў гамяльчанін, не згодны з пастаўленым яго сястры дыягназам. Заявіцелю растлумачылі, што незалежная медэкспертыза не працуе з пытаннямі пацверджання альбо абвяржэння дыягназу, а рашае толькі экспертныя пытанні: нязгоду з заключэннем МРЭК, з устаноўленай групай інваліднасці і гэтак далей. Адзіны шлях, які можа вырашыць праблему: звярнуцца ў суд. 

У жыхара аграгарадка Меркулавічы ўзнік канфлікт з КЖУП «Чачэрскае». Ён паскардзіўся памочніку Прэзідэнта на абслугоўваючую арганізацыю, якая зрабіла ўтрыманні за жыллёва-камунальныя паслугі з яго пенсіі. Спецыялісты, якія прысутнічалі на прыёме, расказалі, што ў мінулым годзе ў мужчыны на працягу чатырох месяцаў утварылася запазычанасць за асноўныя паслугі ЖКГ і пеня. Згодна з выканаўчым надпісам у сакавіку 2023 года гэтыя сродкі былі ўтрыманы з пенсіі, што адпавядае дзеючаму заканадаўству. Але заявіцель ужо самастойна пагасіў свой доўг і абураны «двайной бухгалтэрыяй» КЖУП. Тлумачэнне дырэктара прадпрыемства, што на падставе аплаты зроблены пераразлік і чарговыя жыроўкі будуць значна лягчэй, ён не чуў. Сяргей Барташ параіў вяскоўцу, каб пазбегнуць падобных сітуацый, своечасова аплачваць паслугі жыллёва-камунальнай гаспадаркі. 

Селянін задаў таксама пытанне з нагоды налічэнняў за абыходжанне з цвёрдымі бытавымі адходамі. Па словах мужчыны, ён пражывае адзін, а плату за вываз смецця бяруць за пяць чалавек. Як высветлілася, у доме, акрамя яго, зарэгістраваны яшчэ чацвёра сваякоў. Выхад: ім неабходна звярнуцца з дагаворам найма жылога памяшкання ў разлікова-даведачны цэнтр па месцы фактычнага жыхарства для заключэння дагавора на вываз смецця. Толькі ў такім выпадку пенсіянер вызваліцца ад лішніх расходаў.

Чачаранін прэтэндуе на выплату другога (паводле яго слоў) пяцігадовага кантракту ў памеры 300 базавых велічынь. Са сваёй просьбай абышоў шмат інстанцый, але атрымаў адказ. На прыёме ў памочніка Прэзідэнта высветлілася, што пяцігадовы кантракт у работніка быў трэцім, а не другім, і выплата па ім не прызначана.

https://gomel-region.by/by/society-by/view/pamochnik-prezidenta-inspektar-pa-gomelskaj-voblastsi-sjargej-bartash-navedau-chacherski-raen-47006-2023/

Інфармацыйныя рэсурсы

up