21.12.2022

Паступленні ў бюджэт Гомельскай вобласці выраслі на 12,6 працэнта ў студзені-лістападзе

19 снежня, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Паступленні ў бюджэт Гомельскай вобласці выраслі ў фактычных цэнах у студзені - лістападзе гэтага года на 12,6 працэнта ў параўнанні з такім жа мінулагоднім перыядам. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміла першы намеснік начальніка інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Гомельскай вобласці Таццяна Сідарэнка.

"За 11 месяцаў 2022 года ў бюджэт Гомельскай вобласці паступіла Br2,891 млрд. Адносна ўзроўню аналагічнага перыяду мінулага года ў фактычных цэнах паступленні павялічыліся на 12,6 працэнта", - агучыла лічбы Таццяна Сідарэнка.

Больш як 76 працэнтаў даходаў бюджэту за 11 месяцаў сфарміравана за кошт паступленняў пяці падаткаў: 31,4 працэнта - за кошт падаходнага падатку, 24,5 працэнта - ПДВ, 9,6 працэнта - на прыбытак, 5,6 працэнта - на нерухомую маёмасць, 5,1 працэнта - за кошт акцызаў.

Першы намеснік начальніка інспекцыі адзначыла: ад арганізацый дзяржсектара эканомікі ў кансалідаваны бюджэт вобласці ў студзені - лістападзе паступіла каля Br2,104 млрд. На іх долю прыпадае 72,8 працэнта агульных паступленняў. Ад арганізацый недзяржаўнага сектара - Br591,8 млн (20,5 працэнта), індывідуальных прадпрымальнікаў - Br95,6 млн (3,3 працэнта), фізічных асоб - Br98,6 млн (3,4 працэнта).

Дзевяць буйнейшых падаткаплацельшчыкаў пералічылі ў бюджэт Br1,31 млрд. Гэта 45,3 працэнта ад даходаў вобласці. Найбольшы ўклад у фарміраванне бюджэту ўнеслі РУП "Вытворчае аб'яднанне "Беларуснафта", ААТ "Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод" і РУП "Гомельэнерга". 

Паводле даных на 1 снежня, у падатковых органах Гомельскай вобласці на ўліку больш як 823 тыс. плацельшчыкаў. З іх 19 тыс. арганізацый, звыш 30 тыс. ІП і больш як 774 тыс. фізічных асоб.-0-

Інфармацыйныя рэсурсы

up