Экспазіцыя прысвечана Дню маці. Наведвальнікі музея ўбачаць фатаграфіі шматдзетных маці з іх дзецьмі, раздрукаваныя на палатне. Аўтар работ Настасся Жыхарава лічыць, што жанчына - унікальнае стварэнне. "У ёй такі рэсурс, такія магчымасці, якія могуць паўплываць на ўсё ў свеце, а дзеці - гэта натхненне, сіла, новы погляд на свет. З імі пачынаецца нешта новае, цудоўнае, яшчэ мацней раскрываюцца жаночыя патокі - боская сіла жанчыны", - упэўнена яна.
Ідэя арганізаваць выставу зарадзілася ў Настассі Жыхаравай у моманты чакання чацвёртага дзіцяці ў сям'і. Фатограф вырашыла, што цікава будзе зрабіць спачатку партрэт жанчыны, дзе яна спакойная, бесклапотная, такая дзяўчынка з ззяючымі вачамі, а потым - яе фота з дзецьмі, дзе яна багіня-маці, клапатлівая, статусная, жыццё даючая.
Паводле слоў арганізатараў, выстава, якая будзе працаваць па 12 лістапада, дасць магчымасць кожнаму акунуцца ў цудоўнае адчуванне радасці, любові і гармоніі.