Старшыня адзначыў, што аграрыі вобласці вядуць сяўбу кармавых культур: кукурузы, аднагадовых траў.
"Кукурузу пасеялі на плошчы 98,6 тыс. га, або 33 працэнты ад плана. На зерне сяўбу правялі на 58,4 тыс. га, або 78 працэнтаў ад плана. На зялёную масу - 40,1 тыс. га, гэта 18 працэнтаў ад неабходнага. Пры гэтым 9 раёнаў завяршылі сяўбу кукурузы на зерне", - канкрэтызаваў ён.
Паводле слоў Дзмітрыя Петражыцкага, паскорыць тэмпы трэба Петрыкаўскаму, Жлобінскаму, Ельскаму, Светлагорскаму, Добрушскаму і Лоеўскаму раёнам.
Кіраўнік камітэта дадаў: калі аграрыі рэгіёна выйдуць на штодзённую сяўбу кукурузы 13 тыс. га, то завершаць яе да 25 мая.
Старшыня аблвыканкама Іван Крупко звярнуў увагу кіраўнікоў раёнаў, сельгаспрадпрыемстваў: сёння ўмовы даюць магчымасць працаваць увесь светлавы дзень. "Трэба задзейнічаць усю тэхніку, арганізаваць работу механізатараў, каб укласціся ў тэрміны", - падкрэсліў ён.
Ільнозаводы вобласці прадаўжаюць сяўбу лёну. На сёння гэту работу правялі на 62 працэнтах запланаваных плошчаў. Пры захаванні тэмпаў гаспадаркі плануюць завяршыць сяўбу ў бліжэйшыя пяць дзён.
Да 15 мая ў рэгіёне маюць намер закончыць пасадку бульбы - яе пасеялі больш як на палавіне плошчаў. Завяршылі гэту работу ўжо 4 раёны: Брагінскі, Калінкавіцкі, Мазырскі і Акцябрскі.
Агародніну ў вобласці пасеялі на 0,9 тыс. га, або 57 працэнтаў ад плана.