15.12.2023

Выстава «Мастакі Гомельшчыны - Году міру і стварэння» адкрылася ў палацы Румянцавых і Паскевічаў

У Гомелі ў палацы Румянцавых і Паскевічаў адкрылася выстава "Мастакі Гомельшчыны - Году міру і стварэння". Аб гэтым паведамілі БЕЛТА ў Гомельскім палацава-паркавым ансамблі.

Наведвальнікі ўбачаць жывапіс, скульптуру, творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, выкананыя пераважна за апошнія гады мастакамі, якія жывуць і займаюцца творчасцю ў розных кутках Гомельскай вобласці. "Многія з іх уваходзяць у склад Беларускага саюза мастакоў. Некаторыя аўтары знаходзяцца на шляху ўступлення ў гэта прафесійнае аб'яднанне", - удакладнілі ў дзяржаўнай гісторыка-культурнай установе.

У выставачным праекце прынялі ўдзел больш за 50 мастакоў з Гомеля, Жлобіна, Светлагорска, Мазыра, Рэчыцы і іншых месцаў вобласці. "Гэта вялікі калектыў рознабакова дасведчаных асоб, сярод якіх вопытныя творцы, якія за многія гады выпрацавалі ў творах уласны стыль, а таксама маладыя таленты, якія прыўносяць у мастацтва сваё бачанне і новае мастацкае асэнсаванне адвечных тэм", - расказалі ў палацава-паркавым ансамблі.

Арганізатары экспазіцыі падкрэслілі: менавіта стварэнне з'яўляецца галоўным зернем, што пакладзена ў аснову творчасці мастакоў гомельскай зямлі. "Гэта доўгі шлях захавання традыцый, творчага патэнцыялу, узбагачэнне яго новымі тэхнікамі і прыёмамі, стварэнне знакавых твораў мастацтва і падрыхтоўка новых пакаленняў таленавітых і прафесійных майстроў", - зрабілі акцэнт у палацы.

У выставачным праекце мастакі пастараліся ахапіць мноства бакоў жыцця: ад тонкіх сезонных нюансаў пейзажнага жывапісу да роздуму над сур'ёзнымі праблемамі быцця. Разнастайнасць творчых падыходаў, поглядаў і разважанняў, адлюстраваных на палотнах, у кераміцы, дрэве, тканіне, і змогуць убачыць наведвальнікі экспазіцыі "Мастакі Гомельшчыны - Году міру і стварэння".

БелТА

Інфармацыйныя рэсурсы

up