Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Iнтэрвал памiж лiтарамі
Стандартны
Павялічаны
Вялікі
Каляровая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Мазырскі раённы выканаўчы камітэт
4 ліпеня 2019

ЭКСПРЭС-ІНФАРМАЦЫЯ СЛУЖБЫ ВЫРАТАВАННЯ 101

Лічбы і факты
З 24 па 30 чэрвеня на тэрыторыі горада Мазыра і Мазырскага раёна адбыліся 4 пажары і ў 2 выпадках паведамленне аб здарэнні не пацвердзілася. Усяго з пачатку года на Мазыршчыне адзначана 25 вогненных здарэнняў, на якіх загінулі 5 чалавек. За гэты ж перыяд у Беларусі зарэгістравана 3277 пажараў, ахвярамі агню сталі 265 чалавек. Яшчэ 5559 чалавек былі выратаваны работнікамі МНС пры ліквідацыі надзвычайных сітуацый.

Аказанне дапамогі насельніцтву
На мінулым тыдні падраздзяленні МНС 5 разоў накіроўваліся на аказанне дапамогі насельніцтву. У адным выпадку была сабрана разлітая ртуць з разбітага тэрмометра, і яшчэ дапамога ратавальнікаў спатрэбілася для дэзінсекцыі гнёздаў жаланосных насякомых. Накіроўваліся работнікі МНС таксама на ліквідацыю наступстваў падгарання ежы на пліце.

У згарэлай альтанцы ратавальнікі выявілі загінуўшага мужчыну
29 чэрвеня ў Мазырскае раённае падраздзяленне МНС паступіла паведамленне пра пажар альтанкі на тэрыторыі прыватнага домаўладання на вуліцы Чапаева. Пры правядзенні разведкі падчас ліквідацыі пажару ратавальнікі выявілі на папялішчы загінуўшага гаспадара дома 1960 года нараджэння. У цяперашні час прычына пажару высвятляецца. Адна з мяркуемых версій трагедыі – неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні.

Наступствы моцнага ветру на тэрыторыі Гомельскай вобласці
1 ліпеня на тэрыторыі Гомельскай вобласці зафіксавана праходжанне навальнічнага фронту, падчас якога парывы ветру дасягалі 15-25 метраў у секунду. У выніку праяўлення сіл прыроды і абрыву ліній электраперадач у 16 раёнах вобласці (у тым ліку і ў Мазырскім) адбылося адключэнне электраэнергіі ў 582 населеных пунктах. Зафіксавана таксама 318 выпадкаў падзення дрэў, у тым ліку на жылыя дамы, участкі аўтадарог, аўтамабілі і на чыгуначны шлях. Для правядзення работ па распілоўцы і ўборцы аварыйных дрэў задзейнічаны работнікі МНС, лясных гаспадарак, камунальных, дарожных і іншых службаў. Усяго ж на ліквідацыю надзвычайных сітуацый у цэлым па вобласці было прыцягнута 15 адзінак тэхнікі МНС і 105 адзінак тэхнікі іншых арганізацый. Жыхарам нашага рэгіёна варта ведаць, што ў выпадках узмацнення ветру неабходна сачыць за паведамленнямі па радыё, тэлебачанні, у інтэрнэце. З мэтаю бяспекі трэба зачыняць вокны, адключаць электрапрыборы, падрыхтаваць аптэчку, запас пітной вады і прадуктаў. Калі падчас узмацнення ветру вы апынуліся на вуліцы, то варта схавацца ў найбліжэйшым будынку. Пры вымушаным перамяшчэнні старайцеся таксама трымацца ўдалечыні ад ліній электраперадачы, высокіх дрэў і інжынерных канструкцый.

Месячнік па бяспецы ў сельскай гаспадарцы
У 2019 годзе колькасць пажараў на аб’ектах сельскагаспадарчай вытворчасці Гомельскай вобласці ўзрасла больш чым у 5 разоў. Усяго за 6 месяцаў на вышэйзгаданых аб’ектах зафіксавана 11 вогненных здарэнняў. На падставе загаду камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні з 1 па 31 ліпеня на тэрыторыі вобласці абвешчаны «Месячнік па бяспецы ў сельскай гаспадарцы».
Для таго, каб нарыхтоўка кармоў прайшла ў бяспечным фармаце, кіраўнікам сельскіх гаспадарак варта звярнуць пільную ўвагу на захаванне супрацьпажарнага рэжыму, пры якім штодня адсочваюцца пытанні па арганізацыі абслугоўвання тэхнікі і забеспячэння яе спраўнымі іскрагасільнікамі, своечасовай ачысткі тэрыторый і агрэгатаў ад згаральных матэрыялаў, а таксама курэння ў бяспечных месцах. Другі фактар, які можа прывесці да пажару, – парушэнне тэхнічнага рэгламенту захоўвання сена або саломы. Калі парушаны працэс сушкі і вільготнасць вышэй за норму, то тэмпература ў сярэдзіне стога або цюка можа паступова павышацца, што ў канчатковым выніку прывядзе да самазагарання. Пры складзіраванні грубых кармоў таксама неабходна захоўваць бяспечную адлегласць паміж сціртамі, аўтадарогамі і лініямі электраперадач. Работнікі, занятыя на ўборцы ўраджаю, у сваю чаргу павінны быць навучаны па праграме пажарна-тэхнічнага мінімуму.

Абласныя спаборніцтвы грамадзянскіх фарміраванняў грамадзянскай абароны
У горадзе Мазыры адбыліся штогадовыя абласныя спаборніцтвы грамадзянскіх фарміраванняў грамадзянскай абароны, на якіх была праведзена ацэнка практычнай падрыхтоўкі да дзеянняў па прызначэнні. У спаборніцтвах прынялі ўдзел 7 каманд санітарных дружын, якія сталі пераможцамі па выніках раённых спаборніцтваў.
Санітарныя фарміравання грамадзянскай абароны з’яўляюцца грамадзянскімі фарміраваннямі грамадзянскай абароны спецыяльнага прызначэння і ствараюцца для ўдзелу ў ліквідацыі медыка-санітарных наступстваў надзвычайных сітуацый у мірны і ваенны час.
Правядзенне спаборніцтваў было арганізавана ў пяць этапаў: тэарэтычны конкурс; праверка табельнага аснашчэння санітарнай дружыны; работа санітарнай дружыны ў ачагу камбінаванага паражэння хімічнага паражэння і інфекцыйнага захворвання.
Па выніках пасяджэння судзейскай камісіі месцы сярод каманд размеркаваліся наступным чынам:
7 месца – ААТ «Рагачоўскі кансервава-малочны камбінат».
6 месца – вузел Калінкавічы РУП «Гомельскае аддзяленне БЧ».
5 месца – ДП «Мазырскі райжылкамгас».
4 месца – УПМП і РС РУП «ВА Беларуснафта» горада Рэчыцы.
3 месца – ААТ «Гомельбудматэрыялы».
2 месца – ААТ «Светлагорск Хімвалакно».
1 месца – ААТ «Беларускі металургічны завод».

Мазырскае раённае падраздзяленне МНС

Да спіса навін