Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Iнтэрвал памiж лiтарамі
Стандартны
Павялічаны
Вялікі
Каляровая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Мазырскі раённы выканаўчы камітэт
13 жніўня 2019

Акцыя «У школу з добрым сэрцам» стартавала ў Мазыры

«У школу з добрым сэрцам» – менавіта так называецца рэспубліканская дабрачынная акцыя. Яе мэта – дапамагчы сабраць у школу выхаванцаў дзіцячых дамоў і дзяцей з сем’яў, што жывуць у нястачы. Як стартавала акцыя ў Мазыры, нам раскажа карэспандэнт Вікторыя Купрацэвіч.
Жэня з нецярплівасцю чакае надыходу навучальнага года. Ён пераходзіць у 6 клас, любіць матэматыку, а яшчэ вельмі любіць маляваць. У яго дзённіку адны дзявяткі, і ён не збіраецца спыняцца на дасягнутым. Але свой дзённік з ацэнкамі Жэня пакажа толькі выхавацелям: хлопец жыве ў дзіцячым доме. І мама Жэню партфель з прыладамі не купіць, так што застаецца разлічваць на дапамогу іншых. Дапамагчы дзецям ажыццявіць іх мары можа кожны. І зрабіць гэта вельмі проста. Ручкі, алоўкі, пеналы, фарбы, сшыткі – усё гэта спатрэбіцца дзецям у навучальным годзе. Чым больш сродкаў удасца сабраць, тым больш радасных дзяцей сядзе за парты, каб з новымі сіламі атрымліваць веды.
Сёння выхаванцы дзіцячага дома ўсталявалі ў розных пунктах горада кошыкі для збору канцылярскіх прылад. Кожны жадаючы, купляючы для свайго дзіцяці школьныя тавары, можа набыць штосьці і для сірот. Скрыні для збору канцылярыі ўстаноўлены ў магазінах «Светач», «Буслік» і «Лідар», а таксама ў гандлёвым цэнтры «Малінінскі» і на рынку «Славянскі». Дзеці з задавальненнем ходзяць па магазіне і з захапленнем разглядаюць маляўнічыя школьныя прыналежнасці. 1-га верасня для іх – асаблівы дзень, да яго рыхтуюцца загадзя. Дапамагчы падрыхтавацца да Дня ведаў, прыняць удзел у дабрачыннай акцыі і гэтым парадаваць дзіцячыя сэрцы можа кожны да 10 верасня. Усе сабраныя школьныя прыналежнасці перададуць прама ў рукі выхаванцам дзіцячага дома.
Маленькія добрыя справы часцей за ўсё не патрабуюць вялікіх намаганняў, прычым станоўчыя эмоцыі ад іх атрымліваюць і тыя, каму яны адрасаваны, і тыя, хто іх здзяйсняе. /Тэлеканал “Мазыр”/

Да спіса навін