Адрас райвыканкама:
247760, Гомельская вобласць, г. Мазыр, пл.Леніна, 16

Тэлефон прыёмнай:
8- (0236) -32-21-40

Электронны адрас для дзелавой перапіскі: mozyrisp1@mail.gomel.by
рака Прыпяць
рака Прыпяць
Галоўная / Навіны / Навіны раёна
4 кастрычніка 2019

Заўтра стартуе перапіс насельніцтва ў Беларусі

Гэты перапіс стане трэцім у гісторыі суверэннай Беларусі і ўпершыню пройдзе без папяровых носьбітаў.
Запоўніць анкету можна трыма спосабамі: самастойна праз інтэрнэт, на стацыянарных участках або прыняць перапісчыка ў сябе дома.
Перапісацца самастойна можна з 4 па 18 кастрычніка.
Для гэтага трэба зайсці на сайт census.by або перапіс.бел, націснуць на кнопку “перапісацца”, і сістэма перанакіруе на сайт, дзе будзе адбывацца аўтарызацыя. Галоўная перавага такога спосабу: запаўняеце анкету ў зручны для вас час і ў любым месцы, дзе ёсць падключэнне да інтэрнэту, нават калі знаходзіцеся за мяжой. Для гэтага падыдзе планшэт, камп’ютар або тэлефон. Яшчэ адзін плюс – поўная прыватнасць: вы самі ўводзіце дадзеныя пра сябе і сваіх блізкіх. Апытальнік складзены такім чынам, што інфармацыю падаеце аб усіх членах хатняй гаспадаркі (або некалькіх хатніх гаспадарак), якія пражываюць разам.
Для інтэрнэт-перапісу выкарыстоўваецца база міжбанкаўскай сістэмы ідэнтыфікацыі (МСІ), у якой утрымліваецца каля 7,5 мільёнаў унікальных уліковых запісаў аб кліентах беларускіх банкаў. Інакш кажучы, у гэтай базе ёсць інфармацыя практычна пра ўсё дарослае насельніцтва краіны. Калі вы зарэгістраваны карыстальнікам МСІ і ўжо карысталіся сістэмай “Разлік” (raschet.by), то на сайце перапісу трэба ўвесці логін і пароль. У адваротным выпадку спатрэбіцца пазначыць ідэнтыфікацыйны нумар (як у пашпарце) і нумар мабільнага (той, што называўся пры звароце ў банк), пасля чаго на тэлефон прыйдзе СМС з аднаразовым кодам доступу. Уводзіце яго і прыступаеце да запаўнення анкеты, у якой ужо будуць пазначаны некаторыя вашы дадзеныя: П.І.І па бацьку., асабісты нумар, дата і месца нараджэння. У перапісным лісце 49 пытанняў, але гэта не значыць, што вам давядзецца адказваць на ўсе з іх. Напрыклад, калі на пытанне “Ці плануеце вы выехаць з Рэспублікі Беларусь?” адказваеце сцвярджальна, то адкрываюцца ўдакладняючыя – на які тэрмін і па якой прычыне. Пры адмоўным адказе пераходзіце да наступнага пункта. І так па многіх пытаннях. У большасці выпадкаў нават уводзіць нічога не патрабуецца – проста выбіраеце патрэбны варыянт з прапанаваных. Як у тэстах.
Пытанні складанасцяў не выклікаюць, ёсць і падказкі. Напрыклад, тлумачыцца, чым хатняя гаспадарка адрозніваецца ад сям’і. Ці ж прапануецца даць адрас, дзе пражываеце, і тут жа тлумачэнне, што яго не варта блытаць з адрасам рэгістрацыі. Акрамя таго, закладзены кантроль: сістэма будзе падказваць, калі дапусцілі дзесьці памылку. Дарэчы, з пытаннямі можна азнаёміцца загадзя: яны ёсць на сайце Нацыянальнага статыстычнага камітэта.
У чым яшчэ зручнасць анлайн-перапісу?
Пры неабходнасці можна спыніцца на любым пытанні, захаваць уведзенае і скончыць запаўненне анкеты ў больш зручны для вас час.
Але ведайце: калі націснеце “адправіць”, то выправіць уведзенае ўжо будзе нельга. Пасля адпраўлення анкеты вам прыйдзе апавяшчэнне, якое можна спампаваць у выглядзе малюнка. 19 і 20 кастрычніка будуць апрацоўвацца вынікі анкет, атрыманых праз інтэрнэт: якія прайшлі анлайн-перапіс выключаць са спісу для наведвання перапісчыкамі. Але калі да вас ўсё ж такі завітае перапісны персанал, пакажыце апавяшчэнне, што вы ўжо прынялі ўдзел у апытанні.
Задаць пытанні, звязаныя з перапісам, можна па адзіным даведачным нумары 8 801 100 3131. Кол-цэнтр працуе без абеду і выхадных, званок бясплатны.
Жыхароў Гомельшчыны таксама пракансультуюць спецыялісты Галоўнага статыстычнага ўпраўлення вобласці па тэлефоне 21-10-03.
На працягу ўсяго тэрміну правядзення перапісу ў вобласці будзе працаваць 85 стацыянарных участкаў.
З 4 па 6 кастрычніка ўчасткі можна наведаць з 9.00 да 21.00 – на ўсёй тэрыторыі вобласці.
З 7 па 30 кастрычніка: у гарадах, пасёлках гарадскога тыпу і буйных сельскіх населеных пунктах – з 9.00 да 20.00, у сельскіх населеных пунктах – з 9.00 да 19.00. Акрамя таго, на прадпрыемствах і ў арганізацыях будуць працаваць мабільныя перапісныя ўчасткі. І яшчэ. Па дамах перапісчыкі будуць хадзіць з 21 па 30 кастрычніка. Пазнаць іх проста – у кожнага павінна быць пасведчанне, брэндаваная сумка з сімволікай перапісу і святлоадбівальным элементам, а таксама планшэт. /Газета “Жыццё Палесся”/

Усе навiны